ПЕРАНО́СНАЕ ЗНАЧЭ́ННЕ СЛО́ВА,

вытворнае або другаснае значэнне, якое слова набывае ў працэсе яго моўнага ўжывання. У адрозненне ад прамога значэння П.з.с. заўсёды матываванае. Перанос значэнняў адбываецца на аснове пэўных кантэкстуальных ці асацыятыўных сувязей, якія ўзнікаюць паміж асобнымі прадметамі ці з’явамі рэчаіснасці («крыло птушкі» — «крыло самалёта», «акно хаты» — «акно ў прыроду», «лясная дарога» — «дарога да бацькоў»). Гэтыя сувязі могуць абумоўлівацца падабенствам прадметаў паводле іх вонкавай формы, колеру, месцазнаходжання ці размяшчэння ў прасторы, характару руху, функцыі ці прызначэння («нос лодкі», «свінцовыя хмары», «падэшва гары», «рукаў ракі», «галава калоны», «гняздо слоў», «дворнікі аўтамабіля»); тоеснасці прадметаў па якіх-н. знешніх ці ўнутр. праяўленнях, дзеяннях, адносінах ці адчуваннях («лагодны ветрык», «цёплае пачуццё», «кіслая ўсмешка», «шэпча лес», «дыхае зямля», «спіць рака», «дрэмле поле»); суаднесенасці прадметаў ці асоб па месцы і родзе заняткаў, па якіх-н. найб. характэрных для іх адметнасцях («уважлівая аўдыторыя», «здольны клас»). П.з.с. звязаны з асн. значэннем адносінамі метафарычнай ці метанімічнай залежнасці, суаднесенасцю назваў цэлага і яго частак (гл. Метафара, Метанімія, Сінекдаха).

А.​І.​Наркевіч.

т. 12, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)